Водгук на кнігу Ігара Літвіна

"Затерянный мир"

 

 

Гісторыя – гэта калектыўная памяць пра сваё мінулае. Паняволеным народам яна часам паспяхова замяняе "армію, авіяцыю і флот". Расцярушаным па свеце габрэям яна амаль дзве тысячы гадоў дапамагала захаваць аўтэнтычнасць і ўрэшце вярнула бацькаўшчыну, дзяржаву і мову. Акупанты разумелі моц гістарычнай памяці. Таму, напрыклад, беларускія гісторыкі міжваеннага часу амаль цалкам ляглі ў курапатах, а польскія – у майданэках ды асвенцімах.

Не ведаю, ці бываюць цалкам аб'ектыўныя працы гісторыкаў, тым больш, што пісьмовыя крыніцы іх даследаванняў часта тэндэнцыйныя або сфальшаваныя. Нават у працах еўрапейскіх даследчыкаў пра далёкую Японію будзе праглядацца заангажаванасць з-за іх раялісцкіх або дэмакратычных перакананняў. А што ўжо казаць, калі аўтар піша пра гісторыю роднага краю, тым больш працу папулярна-асветніцкую?!

Паўжартам можна сказаць, што гісторыя – міфатворчасць у межах верагоднага. Гэтая "міфатворчасць" найбольш узмацняецца, калі народ вядзе нацыянальна-вызваленчую барацьбу, калі ён становіцца на шлях імперыялістычнай агрэсіі, або калі адбываецца рэвалюцыя ідэалогіі. Найяскравейшыя прыклады дзвюх апошніх сітуацый можна знайсці ў нашых усходніх суседзяў -- пачынаючы ад "шапкі Манамаха", "Тмутараканскага каменя" і "Слова пра паход Ігаравы" і канчаючы "залпам Аўроры", "перамогай пад Псковам і Нарвай", або "подзвігам Гастэлы". Падобнага ў расейскай гісторыі можна набраць на добры шматтомнік.

Заангажаванасць гісторыкаў у нацыянальна-вызваленчыя перыяды "мякчэйшая", гуманістычная, яна менш агрэсіўная і больш "захаваўчая".

Сказанае вышэй прыходзіць да галавы пасля прачытання "Затерянного мира" Ігара Літвіна. Гэтая праца прысвечана некаторым вузлавым, лёсавызначальным перыядам нашай мінуўшчыны. Аўтар -- не прафесійны гісторык, аднак, як выглядае, асоба шырока абазнаная ў мінуўшчыне беларусаў і іх суседзяў, да таго ж мае выразна крытычны склад мыслення. Гэтая "непрафесійнасць" дазваляе яму без дагматычнай закамплексаванасці аднесціся да шмат якіх "свяшчэнных кароў" сучаснай гістарыяграфіі, прапанаваць чытачу свой, часам нетрадыцыйны погляд на шэраг падзей і з'яў мінулага. Кніжка напісана ў выразна публіцыстычным стылі, месцамі яна правакуе і нават шакіруе. І гэта добра. Яна прымушае думаць, спрачацца, з нечым не пагаджацца, шукаць новыя факты і доказы. Вось і ў мяне ёсць, напрыклад, пярэчанні супраць фактычнага адмаўлення "татара-мангольскага іга". Разумею некаторых сённяшніх маскоўскіх ура-патрыётаў – душа не можа сцярпець самой думкі, што край іх продкаў два з паловай стагоддзі быў улусам нейкай там татарскай арды. Аднак археолагі пры раскопках украінскіх і цэнтральнарасейскіх старажытных гарадоў паўсюдна знаходзяць сляды жахлівага пагрому другой чвэрці XIII стагоддзя – пажарышчы, шкілеты забітых і папаленых, татарскія наканечнікі стрэл. Археолагі знайшлі гарады Залатой Арды, і раскапалі некаторыя з іх. Пра нашэсце татара-манголаў і доўгае іх панаванне на большай частцы Усходняй Еўропы матэрыяльна сведчыць мноства рэчаў. А рэчы, як і магілы, цяжка паддаюцца фальшаванню.

А вось у Беларусі ніколі не было татара-мангольскага прыгнёту. Гэта праўда. Як праўда і тое, што менавіта беларускія ваяры ўжо ў пачатку XIV стагоддзя пачалі ў Еўропе антымангольскую рэканкісту, вызваляючы землі Украіны і вярхоўяў Дняпра.

За апошнія паўтара дзесятка гадоў кніжак па беларускай мінуўшчыне, асабліва старажытнай і сярэднявечнай, пабачыла свет больш, чым за ўсё мінулае паўтысячагоддзе айчыннага кнігадруку. І ў гэтым даўжэзным шэрагу сваё месца займее і праца Ігара Літвіна. І знойдзе зацікаўленага і ўдзячнага чытача. Але і крытыка знойдзе таксама.

Міхал М. Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук.



Hosted by uCoz